У Брэсце асудзілі экс-супрацоўніцу санстанцыі, якая выпрасіла 100 рублёў хабару

Суд Ленінскага раёна Брэста прызнаў экс-памочніка ўрача-гігіеніста з Брэста вінаватай у падбухторванні да дачы хабару і махлярстве.
Летам мінулага года абвінавачаная прыйшла ў адзін з бараў горада з пазапланавай праверкай. Прэтэнзіі ў памочніка ўрача-гігіеніста паўсталі да апарата па рэалізацыі мяккага марожанага. Жанчына склала прамежкавы акт і перадала супрацоўнікам бара. Пазней з ёй звязаўся заснавальнік гандлёвага прадпрыемства і запрасіў на размову.
Па словах бізнэсмэна, падчас іх зносін памочнік урача-гігіеніста паведаміла яму, што выяўленыя парушэнні могуць перашкодзіць яму гандляваць марожаным, і сказала, што ён павінен перадаць ёй 100 рублёў.
Заснавальнік фірмы даручыў адміністратару пакласці 100 рублёў у канверт і перадаць хабар праз курьера супрацоўніку санстанцыі. У выніку на прадпрымальніка ўсё ж склалі адміністрацыйны пратакол, але апарат па вырабе марожанага не закрылі.
Інфармацыя аб карупцыйным злачынстве неўзабаве паступіла праваахоўнікам. У дачыненні да заснавальніка фірмы і памочніка ўрача-гігіеніста распачалі крымінальныя справы. У ліпені мужчыну прызналі вінаватым па ч.1 арт. 431 КК (Дача хабару) і прызначылі 350 базавых велічынь штрафу (8050 рублёў).
Прысуд супрацоўніцы санстанцыі абвясцілі 25 верасня. Сваю віну яна не прызнала і адмаўляла факт атрымання хабару.
«Суд Ленінскага раёна Брэста прызнаў памочніцу ўрача-гігіеніста вінаватай у падбухторванні да дачы хабару і ў махлярстве і прызначыў год і шэсць месяцаў пазбаўлення волі з адтэрміноўкай выканання пакарання тэрмінам на адзін год», – паведаміла TUT.BY старшы памочнік пракурора Брэста Марыя Бялт.
З абвінавачванай таксама спагналі 100 рублёў хабару ў даход дзяржавы.
Прысуд не ўступіў у законную сілу і можа быць абскарджаны.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

один × пять =

%d такие блоггеры, как: